therealdesign

A+ A A-

Сярод лепшых ідэй — і ўздзенскія!

29 студзеня ў Палацы культуры ў Маладзечна была праведзена абласная выстаўка рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Гэты ўнікальны праект аб’яднаў творчых маладых людзей сталічнага рэгіёну ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія скарысталі свой шанц у рэалізацыі наватарскіх ідэй сумесна з БРСМ і ўпраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама.

Сярод 17 лепшых маладзёжных праектаў на выстаўцы-прэзентацыі нашым раёнам былі прадстаўлены дзве работы: Уздзенская сярэдняя школа № 2 імя К. Крапівы расказвала пра віртуальны музей “Залатыя імёны Рэспублікі Беларусь”, а Азерская сярэдняя школа прэзентавала сацыяльны праект экскурсійнага маршруту пад назвай “Аграгарадок, у якім хочацца жыць”.

Ідэя віртуальнага музея, размешчанага на афіцыйным сайце СШ № 2, заснавана на неабходнасці выкарыстання новых тэхналогій для трансляцыі інфармацыі аб музеі і яго фондах. З дапамогай інтэрнэту вучні актыўна далучаюцца да пошукава-даследчай дзейнасці па вывучэнні роднага краю, адраджэння і захавання народных традыцый. Віртуальны музей садзейнічае ўмацаванню прэстыжу Беларусі на міжнароднай арэне — інфармацыя прадастаўляецца на сайт музея і на англійскай мове. Стваральнікі праекта таксама мяркуюць, што з прымяненнем інавацыйных тэхналогій Join our Webinar вучні атрымаюць вопыт развіцця культуры міжнацыянальных зносін.

Аўтарамі ідэі віртуальнага музея “Залатыя імёны Рэспублікі Беларусь” сталі дзесяцікласніцы Вольга Нісцюк і Наталля Парфіновіч. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара школы па вучэбнай рабоце Алены Аляксандраўны Бартош, метадыста Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Наталлі Іванаўны Обухавай дзяўчаты прадаставілі раздзелы музея, прысвечаныя нашаму земляку Кандрату Крапіве, чыё імя з 1992 года носіць школа. Сярод “залатых імёнаў” віртуальнага музея — асобы Францішкі Радзівіл, якая зрабіла вялікі ўклад у развіццё беларускага тэатра; Марыі Магдалены Радзівіл (у дзявоцтве — Завіша), мецэнаткі беларускага нацыянальнага адраджэння канца XIX — пачатку XX стагоддзяў; Напалеона Орды, беларускага літаратара і кампазітара, музыканта, мастака, педагога; Якуба Атонавіча Наркевіча-Ёдкі, аднаго з выдатнейшых дзеячаў у гісторыі навукі Беларусі, з чыім імем звязаны першыя вопыты па прыёме і перадачы электрычных сігналаў без правадоў; Іосіфа Антонавіча Гашкевіча, першага консула Расіі ў Японіі, ураджэнца Беларусі; Міхаіла Навіцкага — свяшчэннамучаніка, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Айчыне.

Творчая група педагогаў у скла-дзе А. Ярмольчыка, А. Карачун, В. Казімірчык разам з вучнямі, членамі навуковага таварыства “Арыенцір” вядуць пастаянны пошук матэрыялаў для папаўнення экспазіцый віртуальнага музея. Удзельнікі праекта адзначаюць магчымасць доступу да іх распрацовак для ўсіх жадаючых, хто не абыякавы да гісторыі і будучыні сваёй Радзімы…

Сацыяльны праект экскурсійнага маршруту “Аграгарадок, у якім хочацца жыць” прадстаўлены выпускніком Азерскай СШ Валерыем Шпілеўскім, які працаваў пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Валянціны Фёдараўны Чарнюк. Гэта краязнаўчае даследаванне з элементамі этнаграфіі, якое прадугледжвае стварэнне экскурсійнага маршруту, школьнага музея “Летапіс Возера”, інфармацыйнага банка даных аб ветэранах працы і ўдзельніках Вялікай Айчыннай вайны.

Развіццё турызму дазволіць не толькі захаваць багаты культурны і гістарычны патэнцыял нашага раёна, але і выкарыстаць яго ў якасці пастаяннай крыніцы папаўнення раённага бюджэту. Чакаемымі выні-камі праекта будуць: стварэнне рэкламнага відэароліка пра турызм ва Уздзенскім раёне; павелічэнне патоку турыстаў і пашырэнне пералі-ку аказваемых турыстычных паслуг; стварэнне новых працоўных месцаў, з’яўленне магчымасці дадатковага заробку; акцэнтаванне ўсе-агульнай увагі на культурных, экалагічных і сацыяльных аспектах у развіцці турызму на Уздзеншчыне.

Завяршылася абласная выстаўка “100 ідэй для Беларусі” ўрачыстай цырымоніяй уручэння сертыфікатаў, якія дазволяць удзельнікам атрымаць грантавую падтрымку для рэалізацыі сваіх ідэй. На Уз-дзеншчыне падтрымка маладых наватараў была аказана яшчэ ў час іх першых даследчых крокаў: падрыхтоўка да ўдзелу ў выстаўцы праходзіла з удзелам і пры фінансавай падтрымцы начальніка аддзела адукацыі У. Казючыца, пры садзейнічанні дырэктара Уздзенскай СШ № 2 імя К. Крапівы А. Іаргачовай і дырэктара Азерскай СШ Л. Быцай.

Источник статьи - газета "Чырвоная зорка"

 

Новости музея

Copyright © ГУО "Узденская средняя школа №2 им. К.К.Крапивы" | 2014 - 2015